Лекцыі Андрэя Дурэйка ў Віцебску

 
1В

19-20 траўня ў Віцебску (Цэнтр сучаснага мастацтва,  вул. Белабародава, 5) ў межах праекта «На шляху да сучаснага музея-5» адбудуцца 2 лекцыі Андрэя Дурэйка пра сучаснае беларускае мастацтва:

19 траўня (панядзелак) 18:00 - «ЗАРАЗ. Тэндэнцыі ў сучасным мастацтве Беларусі»

20 траўня (чацвер) 18:00 - «Пра_______бел. Беларускае мастацтва за мяжой»

Ці ёсць у Беларусі актуальнае мастацтва? Як склаўся лёс маладых беларускіх мастакоў, якія з-за прычын сацыяльнага і культурнага характару ў апошнія дзесяцігоддзі пакінулі краіну? Як суадносяцца адно з адным працы беларусаў, створаныя па той і гэты бок дзяржаўнай мяжы? Ці можам мы казаць пра «беларускае сучаснае мастацтва» як пра самастойны мастацкі феномен са сваімі дакладна вызначальнымі канцэптуальнымі і эстэтычнымі асаблівасцямі?

Андрэй Дурэйка – мастак з Беларусі, які ўжо больш за 15 год жыве і працуе ў Дзюсельдорфе і ўвесь гэты час збірае матэрыялы пра творчасць сваіх суайчыннікаў – як ніхто іншы зможа дапамагчы вам знайсці адказы на гэтыя пытанні. Ягоныя лекцыі – гэта першы і адзіны ў сваім родзе вопыт рэпрэзентацыі і сістэматызацыі актуальнай мастацкай практыкі беларускіх мастакоў, якія жывуць у Беларусі і за яе межамі. На лекцыях, ілюстраваных масай рэпрадукцый, будзе прадстаўлена творчасць больш чым 40 мастакоў. Акрамя таго Андрэй падзеліцца сваімі развагамі пра агульны стан беларускай мастацкай культуры. Слухачы, чыё знаёмства з актуальным мастацтвам толькі пачынаецца, атрымаюць унікальную магчымасць абмеркаваць на канкрэтных прыкладах частыя пытанні пра каштоўнасці, значнасць і крытэры ацэнкі прац, што не ўкладаюцца ў нашыя традыцыйныя ўяўленні пра тое, што такое «мастацтва».

Андрэй Дурэйка нарадзіўся ў 1971 годзе ў Гродна. У гады перабудовы вучыўся ў Мінскім мастацкім вучылішчы. У канцы 80-х і 90-ыя актыўна займаўся акцыянізмам і перформансам. У 1991 годзе паступіў на манументальнае аддзяленне Беларускай акадэміі мастацтваў, адкуль быў выключаны пад час арганізацыі выставы «Уроки нехорошего искусства». З 94-га году пакідае занятак жывапісам пад дэвізам «не экспрэсіянізму» і засяроджвае ўвагу на канцэптуальным мастацтве, ствараючы аб’екты і інсталяцыі. Пасля аб’яўлення «эвакуацыі» на выставе Todesschaft з'язджае за мяжу. У 1998 годзе паступае ў Дзюсердорфскую акадэмію мастацтваў у клас Герхарда Мерца. З 2005 году ўдзельнічае ў калектыўным праекце «Рэвізія» (сумесна з Максімам Вакульчыкам, Жанай Грак, Андрэем Лагінавым і Максімам Тымінько). Час ад часу выступае ў ролі куратара і крытыка. Жыве і працуе ў Дзюсердорфе.

Лекцыі будуць праілюстраваны шматлікімі фатаграфіямі і відэа.

Інфалінія: 029 8940517

Запрашаем усіх жадаючых!

DLE 9.6 DLE   UCOZ  joomla!